Учора Святлана Ціханоўская прыняла ў сваім Офісе міністраў замежных справаў Ісландыі і Партугаліі
Беларуская лідарка падзякавала міністрам Ісландыі Тордзіс Гільфадоцір і Партугаліі Жуану Кравіньё за ўдзел у сайд-івэнце па Беларусі і падтрымку беларускага пытання ў міжнародных арганізацыях.
Святлана Ціханоўская распавядала міністрам пра катастрафічную сітуацыю з беларускімі палітвязнямі і неабходнасць скаардынаванай стратэгіі міжнароднай супольнасці па іх вызваленні. Таксама гаварылі пра пагрозы беларускай незалежнасці з боку Расіі: размяшчэнне ядзернай зброі і наймітаў ПВК Вагнер у Беларусі.
Ісландская міністарка запэўніла Ціханоўскую, што Ісландыя працягне падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, у тым ліку незалежных медыя і Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэта ў Вільні.
На сустрэчы з партугальскім міністрам Ціханоўская падкрэсліла, што недапушчальна змякчаць санкцыі на транзіт калійных угнаенняў у час, калі рэжым узмацняе рэпрэсіі супраць беларускага народа, а Расія нарошчвае прысутнасць у Беларусі.