План выхаду Беларусі з-пад расійскага ўплыву, падтрымка палітвязняў і добраахвотнікаў. Ціханоўская выступіла на ПА НАТА
Учора Святлана Ціханоўская знаходзілася ў Люксембургу, дзе выступіла на Парламенцкай асамблеі НАТА перад прадстаўнікамі больш чым 40 краінаў.
Ціханоўская распавяла пра беларускіх палітвязняў: «Нам вядомыя імёны паўтары тысячы палітычных зняволеных, пералік усіх мог бы заняць цэлую гадзіну. Насамрэч жа іх утрая больш». Яна нагадала пра сітуацыю з Віктарам Бабарыкам і ўсімі, з кім няма сувязі. І заклікала дэпутатаў падтрымліваць беларускіх палітвязняў.
Беларуская лідарка нагадала пра сувязь Беларусі і Украіны і неабходнасць падтрымліваць беларускіх добраахвотнікаў: «Для беларускіх падраздзелаў, што змагаюцца за Украіну, вельмі важная падтрымка. Пастаўка ім несмяротнага рыштунку была б не проста сімвалічным жэстам, але і практычнай дапамогай Украіне».
Падчас выступу Ціханоўская распавяла пра пяцікрокавы план вываду Беларусі з-пад залежнасці Расіі. Ён прадугледжвае выхад Беларусі з Саюзнай дзяржавы, АДКБ і супрацу з еўрапейскімі структурамі і міжнароднымі арганізацыямі. Яна выказала надзею, што Беларусь будзе надзейным партнёрам Еўрасаюза і краінаў НАТА.
Увесь выступ – па спасылцы.