Закон аб абмежавальных мерах, працоўная група з МУС Літвы, гуманітарны ВНЖ на даўжэйшы тэрмін: сустрэча Ціханоўскай з міністаркай унутраных справаў Літвы Агнэ Білатайтэ
Святлана Ціханоўская падзякавала міністарцы за пачутыя і прынятыя прапановы беларусаў па зменах у законапраект «Аб увядзенні абмежавальных мераў у дачыненні да ваеннай агрэсіі супраць Украіны». У новай версіі законапраекта абмежавальныя меры ў дачыненні да грамадзянаў Беларусі значна больш мяккія ў параўнанні з першапачатковым праектам.
Падчас перамоваў Ціханоўская і Білатайтэ дамовіліся стварыць працоўную групу, якая будзе ўключаць прадстаўнікоў Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, ОСЦ і МУС Літвы для вырашэння пытанняў у сферы міграцыі і грамадскай бяспекі. Падобная група ў Польшчы паказала сваю эфектыўнасць: дзякуючы ёй былі прынятыя гуманітарныя ВНЖ і бясплатны праязны дакумент замест пашпарта для беларусаў.
На сустрэчы з кіраўніцай Дэпартамента міграцыі МУС Літвы Эвеліне Гудзінскайтэ абмяркоўваліся магчымасці спрасціць патрабаванні для беларусаў пры падачы на ВНЖ, у прыватнасці, каб была магчымасць не даваць даведку пра неасуджанасць або апастыль для тых грамадзянаў Беларусі, якія не могуць вярнуцца ў Беларусь. Таксама Святлана Ціханоўская ўзняла пытанне выдачы ВНЖ па гуманітарных падставах на даўжэйшы перыяд часу, што таксама спрасціла б атрыманне пашпарта замежніка.