Святлана Ціханоўская: «Тыдзень таму на мітынгу, прысвечаным Мікалаю Статкевічу і майму мужу Сяргею, якія ўжо больш за 1000 дзён несправядліва знаходзяцца за кратамі, я прачытала верш, які даслаў мне Сяргей. Яго вершы з-за кратаў заўсёды надаюць мне моцы, і мне захацелася падзяліцца імі, каб і вы адчулі гэтую сілу і моц. Бо многія з тых, хто вядзе перапіску з нашымі героямі, расказваюць: гэта не мы іх падбадзёрваем, а яны – нас!
Не толькі Сяргей, а шмат беларускіх вязняў пішуць вершы пра свой досвед, пра нашую любімую краіну, пакідаюць для нас свае запаветы. І такіх вершаў становіцца ўсё больш. А нядаўна я даведалася пра тое, што ініцыятыва «Вольныя паштоўкі» разам з Народнай амбасадай Беларусі ў Бразіліі запусцілі новую ініцыятыву – «Вершы з-за кратаў». Дзякуючы ёй беларусы змогуць дзяліцца адно з адным вершамі нашых герояў. Чытаць, натхняцца, і разам з імі ісці да перамогі.
Я хачу сказаць камандзе «Вольных паштовак», актыўным беларусам Бразіліі і новай ініцыятыве «Вершы з-за кратаў» – дзякуй. За тое, што не дазваляеце забыцца пра нашых герояў. Я спадзяюся, што хутка ў вольнай Беларусі выйдзе цэлы зборнік гэтых вершаў. І яны будуць натхняць беларусаў ужо на тое, каб не дазволіць паўтарэння гэтай жахлівай старонкі нашай гісторыі.
Чытайце вершы на сайце viersy.online. Падтрымлівайце праект і нашых палітвязняў. Дзяліцеся вершамі, якія вас кранулі. А калі вы самі ведзяце перапіску з нашымі вязнямі і атрымліваеце вершы – абавязкова дасылайце іх на пошту праекта [email protected], ці ў тэлеграм-бот @viersybot».