«Не дапускаць палітыкі «вольнага крэсла» ў дачыненні да беларусаў». Святлана Ціханоўская выступіла ў Еўрапарламенце
Там яна сустрэлася з сябрамі дэлегацыі па сувязях з Беларуссю, а таксама сябрамі парламенцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь». У наступныя месяцы будзе створаны альянс такіх групаў United for Democratic Belarus, куды ўвойдуць прадстаўнікі з 17 розных нацыянальных парламентаў.
Святлана Ціханоўская заклікала дэпутатаў падтрымліваць палітвязняў і далучыцца да Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю 25 сакавіка. Падтрымліваць беларускую мову, культурных дзеячаў і свабодных спартоўцаў, якія павінны мець магчымасць выступаць на Алімпійскіх гульнях замест афіцыйнай каманды рэжыму. А таксама не дапускаць палітыкі «вольнага крэсла», калі ў міжнародных арганізацыях там, дзе павінна быць Беларусь, няма беларусаў: «Добра, што там няма Лукашэнкі, але важна, каб там быў голас беларусаў».