Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай у Сенаце Польшчы: «Нас не задаволяць паўмеры»
Сёння дэлегацыя Аб‘яднанага Пераходнага Кабінета, у складзе якой былі Аляксандр Азараў і Павел Латушка, наведала паседжанне Сената Польшчы, дзе кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай:
«Нас аб’ядноўваюць тры гераічныя паўстанні: 1794 года, 1830 і 1863 года. Нашыя народы поплеч змагаліся за сваю свабоду і дзяржаўнасць. Гэтыя подзвігі натхняюць беларусаў на барацьбу і сёння – на барацьбу супраць тыранічнага рэжыму Лукашэнкі і імперскай агрэсіі Расіі. Покліч «За Нашу і Вашу Свабоду» – стаў актуальны як ніколі раней. Бо барацьба за свабоду – яна не мае межаў, і павінна стаць справай і абавязкам кожнага.
Сярод герояў, якія аб’ядноўваюць Беларусь і Польшчу, – таксама Анджэй Пачобут. Нават у засценках ён не скарыўся, не пайшоў на ўгоду і застаецца верным сваім ідэалам барацьбы за свабоду.
Вельмі важна, што Польшча выступае ў абарону Пачобута і ўсіх вязняў рэжыму Лукашэнкі. Таксама важна, калі Польшча паказвае прыклад паважлівага стаўлення да ідэнтычнасці беларускай меншасці на Падляшшы. Гэтаксама – калі тыя беларусы, што нядаўна апынуліся ў Польшчы як уцекачы, адчуваюць з боку Польскай дзяржавы дапамогу і разуменне».
Увесь выступ – на сайце Святланы Ціханоўскай.