«Моцны прыватны сектар – адзін з асноўных слупоў дэмакратыі»: Святлана Ціханоўская адкрыла II беларускі бізнес-форум у Варшаве
19 верасня ў будынку Варшаўскай фондавай біржы адкрыўся II беларускі бізнес-форум, які быў арганізаваны эканамічнай камандай Офіса на чале з Алесем Аляхновічам, аналітычным цэнтрам CASE Belarus і ABBA – Асацыяцыяй беларускага бізнесу за мяжой.
Святлана Ціханоўская выступіла на адкрыцці форума з прамовай. Яна заклікала міжнародных партнёраў дапамагчы беларусам і прапанавала:
«Па-першае, трэба спрасціць працэдуру атрымання візаў, відаў на жыхарства, адкрыцця фірмаў і банкаўскіх рахункаў для беларускіх бізнесоўцаў, якія не падтрымліваюць рэжым і вайну ва Украіне. Некаторыя бізнесы, звязаныя з рэжымам, ствараюць новыя юрыдычныя асобы ў ЕС, каб пазбегнуць санкцый. Таму некаторыя краіны ЕС і іх структуры ўвялі абмежаванні для ўсяго беларускага бізнесу. Мы павінны сумесна працаваць над пошукам механізму праверкі, які б дазволіў аддзяліць сумленны беларускі бізнес ад тых, хто пазбягае санкцый.
Па-другое, стварыць гарантыйны фонд у ЕС. Гэта дазволіць беларускім прадпрымальнікам без крэдытнай гісторыі ў ЕС атрымліваць тут крэдыты для бізнесу. Мая эканамічная каманда ўжо пачала працаваць над гэтым з Еўракамісіяй, урадам Польшчы, Еўрапейскім інвестыцыйным банкам, Польскім банкам развіцця ды іншымі зацікаўленымі бакамі.
І я прашу вас не пераставаць шукаць новыя шляхі падтрымкі сапраўдных бізнесоўцаў у Беларусі. Ім патрэбна дапамога ў пошуку новых супрацоўнікаў, магчыма, сярод палітвязняў, якія выйшлі на волю, і іх сваякоў. Сумленнаму бізнесу патрэбная дапамога ў пошуку законных спосабаў пераводу сродкаў з краін ЕС у Беларусь і наадварот. Ім патрэбная дапамога і парады, як дзейнічаць, калі кампаніі сутыкаюцца з палітычным ціскам. Ім патрэбная дапамога з адкрыццём юрыдычных асоб у суседніх краінах, пакуль яны знаходзяцца ў Беларусі. Сумленнаму бізнесу, які выступае за свабодныя Беларусь і Украіну, патрэбная дапамога з разблакаваннем замарожаных банкаўскіх рахункаў, напрыклад, ва Украіне.
Мы ўсе ведаем, што моцны прыватны сектар – адзін з асноўных слупоў дэмакратыі. Дапамагаючы беларускаму бізнесу сёння, Польшча, Літва і іншыя еўрапейскія краіны могуць зрабіць свой унёсак у дэмакратычную і паспяховую Беларусь заўтра».
Цалкам прамова Святланы Ціханоўскай – тут.
Сачыць за II беларускім бізнес-форумам можна тут.