«Стварыць кіраўнічы камітэт па сувязях з Беларуссю». Святлана Ціханоўская выступіла перад міністэрскім камітэтам Рады Еўропы
Учора, 6 ліпеня, Святлана Ціханоўская выступіла перад міністэрскім камітэтам Рады Эўропы. Удзел у паседжанні ўзялі прадстаўнікі больш чым 50 краінаў.
📍Ціханоўская выступіла з заклікам стварыць кіраўнічы камітэт па сувязях з Беларуссю і адзначыла шэраг напрамкаў, у якіх павінна развівацца сяброўства з Радай Еўропы ўжо цяпер: падрыхтоўка рэформаў, транзітнага перыяду, распрацоўка і рэалізацыя праграмаў падтрымкі правабаронцаў, медыяў, жанчынаў, моладзі, юрыстаў (адвакатаў), культурных дзеячаў.
📍Ціханоўская заявіла, што смяротнае пакаранне будзе адмененае адразу пасля дэмакратычных пераменаў. Менавіта праз смяротнае пакаранне Беларусь была пазбаўленая права сяброўства ў Радзе Еўропы. Ціханоўская распавяла пра беларускіх партызанаў, якім пагражае смяротнае пакаранне.
📍Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што Лукашэнка не прадстаўляе Беларусь і беларусаў, і яго прадстаўнікі павінны быць пазбаўленыя права выступаць ад нашага імя.
Выступ Святланы Ціханоўскай выклікаў шматлікія рэакцыі прадстаўнікоў камітэту. Слова ўзялі рэкордныя 27 спікераў: кожны выказаўся ў падтрымку прапановы Ціханоўскай ці задаў пытанне. Выступіў і прадстаўнік Украіны. У адказ Ціханоўская распавяла, што робяць беларусы каб падтрымаць Украіну. Ціханоўская распавяла пра беларускага добраахвотніка Івана «Брэста», які загінуў пару дзён таму ў баях за Украіну.
У адказах на пытанні пра магчымыя перамовы з рэжымам, Ціханоўская сказала, што перадумовай да перамоваў з’яўляецца вызваленне ўсіх палітвязняў.