Кавалеўскі: «Нам важна знаходзіцца ў Кіеве і дапамагаць вырашаць праблемы, якія з'явіліся ў беларусаў пасля пачатку вайны»
Кіраўнік Кабінета прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі ў інтэрв’ю Андрэю Дзіхцярэнку адказаў на пытанні пра Беларусь і беларусаў, распавёў, чаму беларусы застаюцца ва Украіне і дапамагаюць украінцам, і якія мэты прадстаўніцтва Офіса ў Кіеве.
Якая мэта прадстаўніцтва Офіса ва Украіне?
«Лукашэнкаўская амбасада выехала з Кіева. Фактычна зараз гэта адзінае афіцыйнае прадстаўніцтва беларусаў ва Украіне. Нам важна знаходзіцца тут, побач з украінцамі, і важна дапамагаць вырашаць праблемы, якія зʼявіліся ў беларусаў пасля пачатку вайны. Не сакрэт, што рэакцыя на беларусаў стала досыць вострай. Людзі асацыююць беларусаў Украіны з Лукашэнкам. Гэта прыкра, бо многія з гэтых людзей тут зʼявіліся якраз праз дзеянні Лукашэнкі і яго рэпрэсіі».
Чым Офіс можа дапамагчы беларусам ва Украіне?
«Мы звярнуліся да Нацбанка Украіны з просьбай пераглядзець рашэнне аб блакіроўках рахункаў беларусаў. Таксама мы працуем з выканаўчай уладай, са спецыяльнымі органамі, якія дапамагаюць нам верыфікаваць людзей – каб паказаць, што гэтыя людзі, у якіх замарожаныя рахункі, не маюць сувязяў з рэжымам і не ўяўляюць пагрозы для Украіны. Гэта складаны працэс, але гэта ўжо прагрэс».
Колькі беларусаў ваююць на баку Украіны?
«Ёсць розныя ацэнкі: ад 500 да 1500 чалавек. Ёсць буйныя беларускія фарміраванні, як полк Каліноўскага ці полк «Пагоня». Але яшчэ шмат беларусаў раскіданыя па УСУ».
Цалкам інтэрв’ю можна паглядзець тут: https://youtu.be/xfrwaPH1QW0