Обложка канала

Светлана Тихановская

Канал пресс-службы Светланы Тихановской.

Светлана Тихановская

4 года назад
Открыть в
ЗША будуць настойваць на прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці, разглядаецца замарозка валютных рэзерваў Нацбанка: вынікі візіту Святланы Ціханоўскай у ЗША Ціханоўская прыехала на пахаванне Мадлен Олбрайт, 64-й дзяржсакратаркі ЗША. Летась яны сустракаліся ў Вашынгтоне, і паміж імі завязаліся сяброўскія адносіны. Цягам трохдзённага візіту Ціханоўская сустрэлася з: – дзяржсакратаром Блінкенам і намесніцай дзяржсакратара Шэрман; – спікеркай Нэнсі Пелосі (3-я асоба ў ЗША пасля прэзідэнта і віцэ-прэзідэнткі) – прадстаўнікамі Рады па нацыянальнай бяспецы; – лідарам рэспубліканцаў у Сенаце Мітчам Макконэлам; – кіраўніком камітэту па замежных адносінах Сената ЗША Робертам Менэндэсам. – сустрэлася з сенатарамі Шэйхін, Дурбінам, Кунсам; – кіраўніком Упраўлення каардынацыі санкцыяў Джымам О’Браянам; – кіраўніцай USAID Самантай Паўэр. Таксама Ціханоўская правяла кароткую размову з Білам і Хілары Клінтанамі (на фота), якія наведвалі Мінск у 1994 годзе. На гэтых сустрэчах Святлана Ціханоўская перадала амерыканскім палітыкам пакет дакументаў з доказамі саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны, а таксама інфармацыяй пра лазейкі, фірмы і краіны, якімі карыстаецца рэжым для абыходу санкцыяў. Галоўныя вынікі візіту: – ЗША не прызнаюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі і не збіраюцца аднаўляць з ім дыпламатычныя ці палітычныя кантакты. – Беларуская грамадзянская супольнасць зможа разлічваць на дапамогу ў межах нядаўна прынятага пакету падтрымкі ў сувязі з агрэсіяй Расіі супраць Украіны. Аб’ём і фармат дапамогі ўдакладняецца. – ЗША будуць настойваць на прыцягненні да адказнасці Лукашэнкі і яго памагатых у межах міжнародных інстытуцыяў і судоў за рэпрэсіі супраць беларусаў і саўдзел у ваенных злачынствах супраць Украіны. У красавіку ўжо адбылася першая кансультацыйная сустрэча з удзелам міжнародных юрыстаў, адвакатаў і следчых у гэтай справе. – Будзе створаная працоўная група ці пастаянны канал камунікацыі для дэмакратычных сілаў з тэхналагічнымі кампаніямі, такімі як Microsoft, Google і іншыя, для процідзеяння расійскай і рэжымнай дэзінфармацыі. – Санкцыйная палітыка будзе накіраваная на далейшую ізаляцыю рэжыму, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні, не выведзеныя расійскія войскі з краіны і не праведзеныя справядлівыя выбары. – Разглядаецца блакаванне актываў памагатых рэжыму за мяжой і замарозка валютных рэзерваў Нацбанка да правядзення новых свабодных выбараў. – Пытанне беспрэцэдэнтнага пераследу прафсаюзаў у Беларусі і арышту яго лідараў будзе ўзнятае на высокім узроўні. На наступным тыдні працягнуцца кансультацыі па санкцыях Міжнароднай арганізацыі працы супраць рэжыму за пераслед прафсаюзаў і рабочага руху. Акрамя таго, Святлана Ціханоўская выступіла ў тэлевізійных эфірах CNN, Fox News, MSNBC, Sky News, Voice of America. Яна дала прэс-брыфінг для карэспандэнтаў Дзяржаўнага дэпартаменту, арганізаванага агенцтвам AFP, выступіла перад беларускай і ўкраінскай дыяспарамі, студэнтамі і выкладчыкамі Універсітэту Джорджа Вашынгтона і экспертамі па Усходняй Еўропе ў Інстытуце Brookings.