Валер Кавалеўскі – пра рэзалюцыю Рады Еўропы, прадстаўніцтва ў Кіеве, 65 мільёнаў еўра і барацьбу беларусаў са зброяй у руках
Кіраўнік Кабінета прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі адказаў на пытанні Змітра Лукашука ў эфіры«Еўрарадыё».
📍 Пра рэзалюцыю Рады Еўропы
«Рада Еўропы прыняла рашэнне спыніць адносіны з рэжымам. Замест гэтага Рада пачынае актыўна развіваць адносіны з грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнымі сіламі. Такое здарылася ўпершыню».
📍 Чаму Офіс Ціханоўскай адкрывае прадстаўніцтва ў Кіеве?
«Беларуская прысутнасць у Кіеве павінна пашырацца. Беларуская дыяспара ў гэтых умовах робіць вельмі шмат, але трэба падтрымаць тыя намаганні, якія да гэтага часу вядуцца беларусамі, і дадаць свой голас. Гэта таксама той момант, калі мы можам размаўляць і пра нашую будучыню, пра будучыню бяспекі ў рэгіёне, і як будуць выглядаць адносіны Беларусі і Украіны, калі скончыцца вайна».
📍 Пра 65 млн еўра на падтрымку Беларусі
«Я каардынаваў працу па правядзенні ацэнкі патрэбаў для грамадзянскай супольнасці, якая ўключае ў сябе пытанні праваабаронцаў, медыя, адукацыі. Былі праведзеныя кансультацыі з прадстаўнікамі ўсіх гэтых сектараў. Прадстаўнікі маглі выказацца і зрабіць дадатак у дакумент, які быў пасля прадстаўлены ў Еўрапейскую камісію. Мы прадставілі пэўныя маштабы фінансавання, якія патрэбныя для грамадзянскай супольнасці – я падкрэсліваю, не для палітычных сілаў, а выключна для грамадзянскай супольнасці.
Гэтыя сумы былі зацверджаныя. Болей за тое, нацыянальныя ўрады згадзіліся гэтую суму падвоіць для Беларусі. Так і выйшла гэтая лічба – мне здавалася, што ў 60 мільёнаў, але не буду аспрэчваць заявы прадстаўнікоў Еўракамісіі – 65 мільёнаў еўра. Тое, як далей будуць гэтыя сродкі размяркоўвацца, ніяк не ўключае ў сябе ролю Офіса Святланы Ціханоўскай. Мы не ўдзельнічаем у прыняцці рашэнняў, хто атрымае, а хто не. Гэта ўжо прэрагатыва Еўракамісіі. У гэтым сэнсе нашая задача – стварыць неабходныя ўмовы, каб знайсці гэтае фінансаванне. Але Офіс Ціханоўскай ніякім чынам не ўдзельнічае і не атрымлівае дапамогу з гэтых крыніцаў».
📍 Пра батальён Кастуся Каліноўскага і дапамогу
«Мы гэтую працу вялі даўно. Пытанне ў тым, як сабраць сродкі на такую дапамогу. Мы ўдзячныя беларусам, якія ахвяравалі для таго, каб мы маглі скампанаваць дапамогу. Гэта было пытанне рэсурсаў. Калі яны з'явіліся, мы за даволі кароткі час змаглі сабраць дапамогу, набыць аўтамабілі і адвезці да батальёна. Мы вельмі цэнім тое, што робяць байцы батальёна, гэта гонар беларускай нацыі. Падтрымка батальёна зараз з'яўляецца крытычнай для дэмакратычных сілаў, грамадзянскай супольнасці, дыяспары».
Уся размова – тут: https://youtu.be/cX-8gAg4VDE