«Адкуль ты?» — журналіст Алесь Пялецкі распавёў уласную гісторыю, якое адгукнецца шмат каму з беларусаў.
«Пытанне, якое мяне зараз заганяе часта ў тупік. Выпадковыя знаёмыя, сустрэтыя ў самых розных месцах і краінах, звычайна пачынаюць знаёмства менавіта так. Вядома, я ведаю сам, што паходжу з Беларусі. І яшчэ нядаўна адказваў жартам, што я з Гудагая. А пасля расказваў пра беларуска-літоўскую мяжу, асаблівасць каталіцкага рэгіёна і ўсё такое іншае. Дадаючы, што жыву ў Мінску.
Што адказваць цяпер, калі я ўжо амаль два гады бадзяюся па розных краінах? Аўтаматычна не атрымліваецца. Задумваешся кожны раз. Добра разумееш, хто ты. А вось адкуль прыехаў, ужо пытанне. Тым больш незразумелае для людзей, якія зусім не ў курсе беларускіх падзей. А іх, як бы нам не хацелася адваротнага, пераканаўчая большасць у свеце.
Нядаўна ў сванскай вёсцы на пытанне канадкі вырвалася I'm from Lithuania. Яна сказала што бачыць літоўца першы раз у жыцці, а я здзівіўся свайму адказу яшчэ больш і пачаў тлумачыць, як яно ёсць на самой справе.
Эміграцыя сотняў тысяч людзей пасля 2020 году — вялікі ўдар па Беларусі. І гэтая хваля не спыняецца, відаць».
А што вы адказваеце, калі ў вас запытваюць, адкуль вы?