✊«Партызан у Беларусі большы герой, чым салдат на фронце»
Ветэран батальёну Айдар распавёў пра рэакцыю ва Украіне на дзеянні беларускіх партызанаў
«У нас параўноўваюць паражэньне гэтага самалёта з патапленьнем крэйсэра «Масква» нашымі Ўзброенымі сіламі. Самалёт у Мачулішчах — такі лятаючы крэйсэр «Масква». Яго страта для паветрана-касьмічных сіл Расеі настолькі ж балючая, наколькі гэта і абразьлівы, пранізьлівы ўдар па іхнім прэстыжы.
Гэта вялікая падтрымка для нас. Найхутчэй, расейцам давядзецца перакінуць адзін з тых 5 самалётаў, што ў іх засталіся, і за нейкі час аднавіць тое, што выконваў гэты самалёт. Як і ў выпадку з патапленьнем «Масквы», гэта не азначала, што патануў увесь расейскі Чарнаморскі флёт, але гэта моцна зьнізіла яго магутнасьць. Так і цяпер. А палітычнае значэньне яшчэ большае, чым ваеннае. Тут усе тры фактары — ваенны, палітычны і эканамічны.
Мы вельмі цэнім беларускі партызанскі рух. Хачу пацьвердзіць, што і на чыгунцы, і ў Мачулішчах дзейнічалі беларускія партызаны. У нашых Узброеных сіл уключна зь сіламі спэцыяльных апэрацый ёсьць жорсткае палітычнае табу — на тэрыторыю Беларусі нашы выведнікі ня ходзяць, мы нават не вядзем агонь у адказ на тэрыторыю Беларусі.
Партызаны робяць тое, што мы сабе ня можам дазволіць. Гэта дае прамы ваенны эфэкт. Колькі было затрымана вайсковых эшалёнаў! А на вайне час — гэта жыцьцё. Своечасовая і несвоечасовая дастаўка тэхнікі і баявых прыпасаў вызначае вынік бою і хто пераможа. Гэта вельмі сур’ёзны ўнёсак у нашу перамогу.
Дзякуючы беларускаму руху супраціву мы маем поўную інфармацыю пра дзейнасьць расейцаў у Беларусі, як і на нашых акупаваных тэрыторыях. Праз гэтую інфармацыю мы ведаем, што цяпер удару з боку Беларусі ня будзе, што там недастатковая колькасьць і ня той склад расейскіх войскаў, каб яны рэальна маглі ўдарыць па нашай тэрыторыі.
Мы дакладна падзяляем, што ёсьць рэжым, а ёсьць народ, які ў 2020 годзе моцна і адназначна паказаў, што гэты рэжым не ягоны, што гэта нелегітымная, не абраная імі ўлада. Гераічнымі ўчынкамі беларускіх партызанаў беларускі народ і цяпер паказвае, што рэжым і народ — дзьве абсалютна розныя гісторыі.
Мы ведаем, наколькі страшныя рэпрэсіі супраць беларускіх партызанаў, мы ведаем пра драконаўскія законы, якія прыняў Лукашэнка, у тым ліку сьмяротная кара за дывэрсійную дзейнасьць. Больш за тое, мы нават ведаем, што без суду і бязь сьледзтва падчас затрыманьня была забітая пэўная колькасьць беларускіх партызанаў. Мы вельмі цэнім іхні гераізм. Каб там дзейнічаць, трэба быць нават большым героем, чым салдат на фронце.
Стаўленьне да беларусаў гэты інцыдэнт ужо палепшыў вельмі моцна. Гэта сьведчыць, што беларусы — адно, а Лукашэнка — іншае. І што беларусы гатовыя гераічна змагацца супраць рэжыму, што іх адрозьнівае ад расейцаў. Нават «добрыя расейцы» ўсё, што могуць — сабраць валізкі і ў эміграцыю. Чамусьці самалёты падрываюць не на аэрадромах у Расеі, а ў Мачулішчах».
Мая Краіна Беларусь
Telegram | Instagram