💷 ЛІСТАПАДАЎСКАЕ ПАНІЖЭНЬНЕ ЦЭНАЎ – КАТАСТРОФА ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ?
Кіраўнік МАРТ паведаміў пра рэкорднае паніжэньне цэнаў у лістападзе – мінус 2.1%. Што азначае гэты «рэкорд» на самой справе? Спыталіся ў беларускага эканаміста Яраслава Раманчука:
«Цынічнае наступства “посьпехаў” чынавенства – тое, што ня трэба альбо трэба будзе меньш індэксаваць пенсіі, сацыяльныя выплаты. Ізноў, калі інфляцыя меньшая – тады й ВУП (Валавы Унутраны Прадукт) на паперах ляціць уніз ня так хутка й моцна як у рэчаіснасьці, гэтаксама й дынаміка эканамічнага росту ці падзеньня выглядае лепш.
Усё гэта – лёгіка ваеннага камунізму й дзяржпляну, і да эканомікі ніякага дачыненьня ня мае. Гэта – падарунак на Новы год для аднаго чалавека – для “гаспадара”, то бок Лукашэнкі, каб адпаведныя людзі атрымалі пад Новы год узнагароды, прэміі.
Акрамя таго, гэта аргумент для прапаганды:“мы працавалі, мы вялі барацьбу супраць цэнаў, якія дыктаваў нам варожы Захад – і вось глядзіце, якой перамогі мы дамагліся!”
У студзені яны будуць “маляваць” гадавыя лічбы за 2022-гі год: інфляцыю, дэфлятар, тэмпы эканамічнага роста – і зноў у залежнасьці не ад рэальных лічбаў, а ад настрою Лукашэнкі.
Нічога агульнага з эканомікай гэта не мае, як і ўсе агучаныя паказчыкі: гэта вельмі прыблізныя лічбы, верыфікаваць іх нельга, таму што па сутнасьці больш за палову статыстыкі – як, напрыклад, крытычна важная статыстыка па інфляцыі – даўно закрытая, яна ўжо даўно не вядзецца, усё – у ручным рэжыме свавольніцтва чынавенства.
А сьляпая эканоміка бяз лічбаў – гэта прапаганда і агітацыя, а не эканоміка.»
Мая Краіна Беларусь