🔥 Новае відэа на канале «Жыццё-маліна». Госць – спявак і мастак Андрусь Такінданг. Гэта суцэльная беларушчына ад пачатку і да канца. Вельмі, вельмі шмат любові да Беларусі і ўсяго беларускага.
Галоўная цытата: «Нас хочуць перакуліць дагары нагамі. Але натуральна жыць у сваім доме, натуральна ў Беларусі быць беларусам, размаўляць па-беларуску».
🗣 Таксама паразмаўлялі пра бацьку, якога не бачыў 18 год і Чад, пра Акрэсціна і навошта маліцца за тых, хто катуе беларусаў, спевы беларускай прастытуткі і сум па Мінску.
🗄 Русафоб ці беларускі нацыяналіст?
Мне цікава ўсё тое, што адбываецца ў нас і з павагай стаўлюся да музыкаў. І так закручаны ў гэты беларускі кантэкст, што мне хочацца яго яшчэ больш. Выходзіць шмат цікавага беларускага, што ў мяне нават няма часу для русафобіі.
Беларусы і ўкраінцы фармаваліся на сістэме адмаўлення ад калоніі. Гэта было напачатку, каб вызначыць сябе – мы не такія як суседзі, мы самабытныя. А пасля табе ўжо не трэба ўвесь час казаць, што ты не такі як рускі ці паляк, бо гэта становіцца натуральна, ты ўжо больш цікавішся сабой, чым іншымі, а іншымі цікавішся не для таго, каб іх адмаўляць ці параўноўваць, а таму што яны іншыя.
🗄 Дыялог змагароў і ябацек – магчымы?
Беларусы самі цудоўна ладзяць дыялог паміж сабой. У нас заўсёды былі каталікі, праваслаўныя, уніяты, пратэстанты – няма з гэтым праблем. І таму для мяне звыш дзіка і ненатуральна, калі раптам з тэлеэкранаў ліецца мова варожасці. Калі кажуць, што тых трэба павесіць, тых расстраляць, тых на калені – гэта не ўласціва нам. Гэта антыдзяржаўны падыход, распальванне варажнечы. І выглядае ўсё так, быццам не беларусы, таму што нам няма чаго дзяліць. Каталікі і праваслаўныя – мы святкуем гэтыя Каляды і двойчы і тройчы можам, паганскія святы адзначаем. Нам няма чаго дзяліць і за што біцца.
🗄 Навошта маліцца за катаў?
На Акрэсціна было шкада людзей гэтых. Мы сядзім, размаўляем пра мастацтва, чытаем лекцыі адзін адному. А вось гэтыя хлопцы паміж сабою мацюкамі размаўляюць. І ты разумееш, што ў большай ступені яны знаходзяцца ў вязніцы. Як склаўся іх лёс, што яны ў такім загнаным стане апынуліся? Можа я сабе надумваю, але падавалася, што яны няшчасныя і іх нешта прыгнятае.
Не хочацца гуляцца ў празмернае хрысціянства, ясна, што ёсць гнеў, раздражненне. Проста знаходзячыся ў вязніцы ты можаш на іх злавацца - і нічога гэтым не зменіш, хоць лопні. А можаш пачаць маліцца і гэтым мяняць свет. Калі зараз няма інструментаў неяк паўплываць на сітуацыю, зменшыць гвалт - каб не выбухнуць і не згніць сабе самому, то можна пачаць маліцца. За каго? За вязняў, тых што церпяць, а можна маліцца за катаў, можа гэта дапаможа сітуацыі. Можа яны вернуцца і скажуць, што ўсё - мы мяняем сваё жыццё, перакуем мячы на аралы. Такі шанец я не выключаю.
💬 З вас падабайка і камент, калі вас таксама зачапіла. Табадам:https://youtu.be/R5ZUQvotvlI