Беларусь важная для НАТО
Прэзідэнты Літвы, Польшчы і Латвіі звярнуліся з лістом да Генеральнага сакратара НАТО, кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў Альянсу, заклікаючы іх прыняць меры па супрацьдзеянні пагрозам, якія паходзяць ад агрэсіўных дзеянняў Расіі і сітуацыі ў Беларусі. Ліст быў накіраваны напярэдадні Саміту НАТО ў Вільні, які пройдзе 11-12 ліпеня.
https://youtu.be/O2AVPD_aq2E
Лідэры трох краін — бліжэйшых суседзяў Беларусі і стратэгічных партнёраў беларускіх дэмакратычных сіл — выразна пазначылі перад усім Альянсам тыя ключавыя праблемы, якія мы таксама ўздымаем падчас нашых міжнародных кантактаў:
1) Супрацоўніцтва рэжыму Лукашэнкі і Расіі, якое пагаршае бяспеку ўсяго рэгіёна і стварае пагрозу незалежнасці Беларусі.
2) Саўдзел і адказнасць рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны.
3) Размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі, што пазначана ў лісце як факт, які ўжо адбыўся.
4) Перамяшчэнне Прыгожына і групы Вагнер у Беларусь, якое разглядаецца як у адзіным кантэксце з праблемай ядзернай зброі ў Беларусі і стваранымі такім чынам сукупнымі пагрозамі для рэгіянальнай бяспекі, так і ў кантэксце магчымага правакавання новай хвалі нелегальнай міграцыі і гуманітарнага крызісу на мяжы Беларусі і краін ЕС.
Лідэры Польшчы, Літвы і Латвіі заклікаюць членаў Альянсу паказаць Расіі, што НАТО бачыць усе гэтыя пагрозы і гатова выкарыстоўваць усе магчымыя сродкі для супрацьдзеяння ім.
Асобна яны адзначаюць, што беларускі народ мае патрэбу ў выразным пасланні НАТО аб тым, што дэмакратычная, стабільная і квітнеючая Беларусь, непакораная Расіяй і не выкарыстоўваная Крамлём у сваіх інтарэсах, важная для Альянсу.
Фактычна мы можам казаць аб тым, што ў дадзеным лісце адлюстравана агульнасць пазіцый Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, Офіса Святланы Ціханоўскай, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і нашых бліжэйшых саюзнікаў.
Гэтую заяву можна разглядаць як крок па выпрацоўцы агульнай стратэгіі дэмсіл і Захаду па Беларусі, якая прадугледжвае прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за яго злачынствы, абарону незалежнасці і суверэнітэту Беларусі ад Расіі і неабходнасць прапановы альтэрнатывы для дэмакратычнай Беларусі ў процівагу імперскім праектам Расіі.
Нам важная агульная праактыўная стратэгія і актыўныя саюзнікі ў асобе краін-суседзяў Беларусі для аднаўлення нашай незалежнасці і садзейнічання дэмакратычным памкненням беларускага грамадства.