«Нам трэба аб’ядноўвацца, а не дзяліць і падзяляцца», — агульная выснова па выніках сустрэчы намесніка кіраўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Кракаве.
Падчас сустрэчы абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, Павел Латушка распавёў аб кроках, якія робяць Пераходны Кабінет і НАУ для таго, каб прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да міжнароднай крымінальна-прававой адказнасці і павысіць эфектыўнасць эканамічных санкцый; аб пагрозах, якія стварае рэжым Лукашэнкі праз размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі і магчымых шляхах супрацьдзеяння гэтым планам.
На пытанне беларусаў — «Што нам неабходна рабіць? Як дапамагаць?» — Павел Латушка адказаў, што неабходна памагаць не палітыкам, а перад усім тым, хто рэальна дзейнічае — гэта тым, хто стварае беларускія добраахвотніцкія структуры, беларускім добраахвотнікам ва Украіне, беларускім партызанам, падпольнаму руху. Дапамагаць юрыдычна ў павелічэнні прававога прэсінгу на рэжым Лукашэнкі ў нацыянальных і міжнародных судах.
Разгледзелі праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Кракаве: адукацыя на беларускай мове, узаемадзеянне з мясцовай уладай для рашэння існуючых праблем і г.д. Акрэслілі магчымыя шляхі вырашэння.
Падчас знаходжання ў Кракаве Павел Латушка таксама быў запрошаны ў якасці былога дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і былога Міністра культуры да ўдзелу ў сустрэчы беларускіх, украінскіх і польскіх актораў, арганізаванай у Нацыянальным Старым тэатры Кракава. Падчас сустрэчы адбылася дыскусія, прысвечаная падзеям 2020 года ў Беларусі. На пачатку дыскусіі была прадстаўлена чытка п’есы Сяргея Гірыта «Мора Крысціны» з удзелам беларускіх, украінскіх, польскіх актораў і запрашэннем польскай грамадскасці. Адбылася асобная размова з дырэктарам тэатра, падчас якой абмеркавалі пытанні дапамогі і падтрымкі беларускіх актораў, вымушана з’ехаўшых з Беларусі з прычыны рэпрэсій.
Сустрэча з беларускай дыяспарай у Кракаве — адна з сустрэч, якія бліжэйшым часам будзе праводзіць Павел Латушка з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Польшчы і іншых краінах. Наступная сустрэча адбудзецца ў Беластоку.