КДБ і ГУБАЗіК — арганізацыі, якія падтрымліваюць тэрарызм. Рэзалюцыя Сената Чэхіі
8 лютага Камітэт па замежных справах, абароне і бяспецы адобрыў праект рэзалюцыі Сената Чэшскай Рэспублікі аб рэпрэсіях з боку рэжыму Лукашэнкі супраць грамадзянскай супольнасці. КДБ і ГУБАЗіК будуць прызнаныя арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм.
Гэта было б немагчыма без планамернай працы юрыстаў і дыпламатаў Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і прадстаўніцтва Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па транзіце ўлады, шматлікіх сустрэч з парламентарыямі ў снежні-лістападзе 2022 года ў Варшаве і Празе, падрыхтаваных абгрунтаванняў, аналітычных матэрыялаў і справаздач.
Сенат Чэхіі разгледзіць бліжэйшым часам рэзалюцыю, якая канстатуе:
– КДБ і ГУБАЗіК выкарыстоўваюцца рэжымам для пераследу апазіцыі і запалохвання грамадзянскай супольнасці Беларусі;
– арганізацыі здзейснілі акт дзяржаўнага тэрарызму і напады на дэмакратыю, свабоду слова і еўрапейскі суверэнітэт, пасадзіўшы самалёт авіякампаніі «Ryanair» і затрымаўшы Рамана Пратасевіча і Соф'ю Сапегу;
– з лютага 2022 года з тэрыторыі Беларусі ўзброеныя сілы Расійскай Федэрацыі ажыццяўляюць напады на Украіну, што робіць вышэйшых прадстаўнікоў беларускага рэжыму саўдзельнікамі злачынства агрэсіі, учыненнем якога яны вельмі груба парушаюць Статут ААН;
– нязгода з ваеннай агрэсіяй Расіі супраць Украіны сёння ў Беларусі лічыцца злачынствам;
– у Беларусі дзейнічае смяротнае пакаранне, з шэрагам пратэстуючых абыходзяцца як з тэрарыстамі, каб было магчымым прымяніць да іх вышэйшую меру пакарання;
– судовыя паседжанні з удзелам несправядліва асуджаных часта праходзяць без удзелу грамадскасці і журналістаў, таму грамадскі кантроль за дзеяннямі пенітэнцыярных структур адсутнічае;
– сёння ў Беларусі каля 1450 палітвязняў, іх колькасць павялічваецца, да іх не маюць доступу ні члены сем'яў, ні члены дыпламатычнага корпуса, ні назіральнікі.
Улічваючы вышэйсказанае, Сенат Парламента Чэхіі будзе рэкамендаваць ураду краіны накласці санкцыі на супрацоўнікаў карных структур КДБ і ГУБАЗіК і, з улікам іх метадаў, аб'явіць арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм.
Павел Латушка: «Мы працягнем працу ў напрамку прыцягнення да адказнасці ўсіх вінаватых за рэпрэсіі супраць беларускага народа».
Раней рэзалюцыю па Беларусі і заклік прызнаць КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі прынялі ў Сейме Літвы ў снежні 2022 года.