Сустрэча дэлегацыі Аб'яднанага Пераходнага Кабінета з Міністрам фінансаў Польшчы
Падчас сустрэчы дэлегацыi Абʼяднанага Пераходнага Кабінета Беларусі на чале са Святланай Ціханоўскай з Міністрам фінансаў Польшчы Магдаленай Жэчкоўскай прадстаўнік Кабінета па транзіце ўлады Павел Латушка вылучыў да абмеркавання кола пытанняў, якія датычацца беларусаў і беларускага бізнесу ў Польшчы.
Праблемы з адкрыццём беларускіх рахункаў
За перыяд з 2001 па 2021 год у Польшчы зарэгістравана 3236 прадпрыемстваў з беларускім капіталам. За 2022 год іх колькасць павялічылася на 1225, склаўшы на 1 студзеня 2023 года 4446 кампаній. Такім чынам, пачынаючы з 2020 года колькасць беларускіх прадпрыемстваў штогод падвойваецца. Пры гэтым, паводле розных звестак, ад 150 да 200 тыс. беларусаў выбралі Польшчу месцам свайго часовага ці пастаяннага месца жыхарства. Некаторыя з іх, як і ўладальнікі прадпрыемстваў з беларускім капіталам, сутыкаюцца з праблемамі пры рэгістрацыі банкаўскіх рахункаў. Зыходзячы з гэтага, Павел Латушка прапанаваў распрацаваць «пратакол падыходаў» для польскіх банкаў пры адкрыцці рахункаў грамадзянамі Беларусі.
Магдалена Жэчкоўская пагадзілася з неабходнасцю распрацоўкі «Guide Rules» («Правіл кіраўніцтва») для банкаўскай сістэмы Польшчы з мэтай сфармуляваць зразумелыя для беларусаў і кампаній з беларускім капіталам патрабаванні да рэгістрацыі рахункаў і ліквідацыі штучных барʼераў.
Праграма «Polish Business Harbour»
У ходзе сустрэчы ініцыявана абмеркаванне пытання павышэння эфектыўнасці гэтай праграмы для беларускіх прадпрымальнікаў пры падтрымцы Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю (PAIH). Як адзначыў Павел Латушка, праграма PBH накіравана ў першую чаргу на падтрымку IT-спецыялістаў, пры гэтым доля такіх кампаній у агульнай статыстыцы складае ўсяго 6%. Усяго ж за перыяд з 2020 па 2022 год па візах у рамках «Polish Business Harbour» уехала ў Польшчу 9,5 тыс. чалавек.
Дэлегацыя Абʼяднанага Пераходнага Кабінета прапанавала разгледзець магчымасць пашырыць дзеянне праграмы на іншыя віды прадпрымальніцкай дзейнасці з беларускім удзелам. У адказ Міністр фінансаў Польшчы выказала гатоўнасць абмеркаваць і выпрацаваць сумеснае з Мінэканомікі Польшчы і з прадстаўнікамі Кабінета рашэнне.
Прыцягненне беларускага капіталу
На пачатак 2023 года ў Беларусі яшчэ дзейнічае каля 270 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў (прыкладныя даныя на аснове агульнай статыстыкі). Гэты клас эканамічна актыўнага насельніцтва ўлады Беларусі плануюць фактычна «ліквідаваць» на працягу года: для ўладальнікаў ІП могуць адмяніць сістэму спрошчанага падаткаабкладання, а падаходны падатак — можа скласці 20% у 2023 і да 25% у 2024 годзе (паводле звестак Мінэканомікі). Зыходзячы з гэтага, адбылося абмеркаванне магчымых прапаноў паляпшэння ўмоў для эканамічна актыўных беларускіх прадпрымальнікаў у Польшчы з прычыны іх немагчымасці працягваць бізнес у Беларусі.
Праблема мытнага афармлення ўвозу грамадзянамі Беларусі маёмасці
У сувязі з тым, што ў Абʼяднаны Пераходны Кабінет паступаюць просьбы грамадзян Беларусі, звязаныя з афармленнем маёмасці, якая ўвозіцца ў сувязі з вымушаным перасяленнем з-за рэпрэсій, на абмеркаванне вынесена пытанне трактоўкі дзейнага заканадаўства Польшчы — з якой даты лічыць дзеючым перыяд магчымасці вызвалення ад мытных плацяжоў маёмасці: з моманту ўезду ў краіну, атрымання дакументаў з правам на працаўладкаванне, атрымання права на часовае альбо пастаяннае месца жыхарства ў Польшчы і г.д.
На думку беларускага боку, ільготны перыяд павінен пачынацца з даты атрымання права пражывання/працы на тэрыторыі Польшчы. Міністэрства фінансаў Польшчы заявіла аб гатоўнасці вывучыць гэтае пытанне і даць адпаведны каментар.
Агульным вынікам сустрэчы дэлегацыі Абʼяднанага Пераходнага Кабінета Беларусі з Міністрам фінансаў Польшчы Магдаленай Жэчкоўскай стала дасягненне дамоўленасці аб стварэнні сумеснай рабочай групы пры ўдзеле прадстаўнікоў Кабінета і Міністэрства фінансаў з запрашэннем супрацоўнікаў Міністэрства эканомікі Польшчы для разгляду і вырашэння гэтых і іншых пытанняў.