Латушка, Сахашчык, Белахвосцік, Пугач, Сныціна, знакамітыя беларусы і НАУ віншуюць з Новым Годам
https://youtu.be/5hkgr2lkhBk
Хутка мы збярэмся з роднымі і блізкімі, каб правесці адыходзячы 2022 год і сустрэць Новы, 2023-ці. Прынамсі тыя з нас, у каго ёсць такая каштоўная магчымасць.
З якімі ж надзеямі мы глядзім зараз ў будучыню? Якія планы на яе маем? І ці маем іх увогуле, жывучы ў складаныя часы гістарычных выклікаў – калі народы Еўропы, асабліва Еўропы Усходняй, нанова ўваходзяць у гісторыю і нанова абіраюць яе бок.
Які выбар мы, беларусы, бачым сёння, гледзячы вакол сябе?
Для кожнага, хто мае вочы, каб бачыць, відавочна, як у гісторыю ўвайшла Расія. Агрэсарам, тэрарыстам і акупантам. Такі выбар забраць назад ужо немагчыма. Бо яго ўбачыў увесь цывілізаваны свет.
Але свет убачыў і зваротнае. Смеласць і годнасць. Нацыянальную ідэю і надзею. Нязломнасць і сапраўдны гераізм. Бо для ўсіх, хто мае вочы, каб бачыць, Украіна уваходзіць у гісторыю краінай герояў. Бо выбар, які яна зрабіла, убачыў увесь свет.
Мы, беларусы, таксама зрабілі свой гістарычны крок у 2020-м годзе. Але ж рух наш запаволіўся. Бо пасля таго кроку мы сутыкнуліся з тым, да чаго не былі падрыхтаваныя.
Далейшыя падзеі зноў прывялі нас у кропку, калі вызначаецца наш гістарычны лёс. І тое, як мы пройдзем яе, выбар, які мы зробім – убачыць увесь свет.
Дык як мы, беларусы, хочам ўвайсці ў гісторыю?
Пад нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам – насустрач дэмакратыі, незалежнасці, свабодзе і развіццю? Ці пад акупанцкім трыкалорам праз украінскую мяжу – насустрач ганьбе ды праклёнам?
Мы пойдзем насустрач агульначалавечым каштоўнасцям і еўрапейскай цывілізацыі? Альбо супраць цывілізаванага свету – на баку рускай цемры?
Складаны час вялікіх зменаў імкліва нясе нас да ростаняў гісторыі. І выбару, які нас чакае, нам не пазбегнуць ніяк.
Ці хопіць нам волі і моцы абраць правільны бок гісторыі і будучыню, за якую нашыя дзеці скажуць нам "дзякуй"?
Мы заслугоўваем мець такую будучыню, дзе ў кожны новы год мы глядзім смела ды ўпэўнена. І сустракаем яго ня толькі з надзеяй на лепшае, але з вялікімі планамі па ўвасабленнІ гэтага лепшага ў жыцце.
З Новым годам!
Жыве Беларусь!
Далучыліся да віншавання: Алег Гарбуз, Зоя Белахвосцік, Аляксандр Гарцуеў, Ігар Сігоў, Уладзімір Астапенка, Уладзімір Цэслер, Кацярына Сныціна, Уладзімір Пугач, Зміцер Лукашук, Крысціна Дробыш, Юрый Губарэвіч, Яна Латушка, Аляксандр Кныровіч, Кацярына Пытлева, Дзяніс Дудзінскі, Арцём Праскаловіч, Ганна Федаронак і яе дачка Саша, Сцяпан Папоў, Вольга Чэкулаева, Сяргей Дылеўскі, Анжаліка Мельнікава, Арцём Шапараў, Іван Ганін, Ганна Канавалава і яе ўнукі Насця і Ваня, Арцём Брухан, Валерый Сахашчык.