Віншаванне ад Паўла Латушкі з Калядамі
https://youtu.be/b5-MxvGAbRkДарагія сябры,
у кожнага з нас Каляды асацыююцца з цяплом і спакоем, з успамінамі дзяцінства. Калі разам з роднымі і блізкімі мы радуемся і трошкі сумуем, з новай сілай любім адзін аднаго, беражом і просім прабачэння ў тых, каго пакрыўдзілі.
Мінулы год стаў цяжкім для ўсіх нас: і ў гэтыя дні не ўсе сем'і ўзʼяднаюцца ў святы. Не ўсе дзеці атрымаюць падарункі ад бацькоў. Не ва ўсіх дамах разальюцца калядныя песні. Светлае свята азмрочана вайной і беззаконнем: слязамі і болем украінцаў і беларусаў.
У гэты цяжкі час ўсе мы маем патрэбу ў падтрымцы, любові і надзеі. І з заміраннем у сэрцы загадваем жаданні: каб усё хутчэй скончылася, каб боль і страх сышлі на досвітку з апошнімі водбліскамі Каляднай зоркі. Каб Святая ноч растварыла людскую злосць і жорсткасць і вярнула ў наша жыццё дабро і справядлівасць.
У гэтыя калядныя зорныя імгненні ў нас – беларусаў – жыве светлая вера ў лепшае, у нашу агульную справу, новае жыццё і шчаслівую будучыню.
Вера, што, пераасэнсаваўшы мінулае і змяніўшы сучаснасць, захаваўшы сувязь з продкамі і традыцыямі, мы напішам новую гісторыю нашай краіны.
Без болю і слёз. Без жорсткасці. Без турмаў па-за віны. Без бомбаў і ракет. У свабоднай краіне, у нашым родным доме, дзе вышэйшая каштоўнасць – чалавек, яго правы і бяспека.
Ад імя Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і свайго імя віншую беларусаў, якія адзначаюць сёння Раство Хрыстова, са святам. Дзякуй вам за вашу падтрымку, веру ў нас і адзін у аднаго.