Еўропа павінна ведаць праўду пра Лукашэнку
Павел Латушка даў шэраг інтэрв'ю замежным медыя падчас працоўнай паездкі ў Чэхію. Прыводзім асноўныя тэзісы гэтых інтэрв'ю.
Партал "Novinky.cz" (Чэхія)
Лукашэнка мусіць паўстаць перад судом за злачынствы супраць беларусаў і ўкраінцаў. Сітуацыя ў Беларусі крытычная: на тэлебачанні пануе расійская прапаганда, незалежныя СМІ ўнутры краіны замоўклі, кожнага нязгоднага з рэжымам лічаць экстрэмістам і неадкладна садзяць. Захад амаль самаўхіліўся ад гэтых фактаў і звяртае ўсю ўвагу на Расію, выдатна разумеючы, што Лукашэнка – публічны яе саюзнік і суагрэсар у вайне, хоць і пазбягае ўступаць у яе сам.
Рэжым павінен атрымаць санкцыі, роўныя маскоўскім – для суддзяў, пракурораў, агрэсіўных прапагандыстаў і чыноўнікаў. Дыктатарскі рэжым становіцца больш небяспечным і з перадачай ядзернай зброі Крамлём рызыкуе стаць для Еўропы праблемай, якую відавочна недаацэньваюць.
Партал "Seznam Zprávy" (Чэхія)
КДБ неабходна прызнаць тэрарыстычнай арганізацыяй за авіяпірацтва і шматлікія парушэнні правоў чалавека, уключаючы датычнасць да катаванняў. Найперш, просьба накіравана да Чэхіі – праактыўнага партнёра беларускіх дэмсілаў; але і іншыя краіны маюць інструменты націснуць на КДБ і рэжым у цэлым. Польшча, Літва, Эстонія і Латвія ўжо зрабілі шмат. І ўсё ж гэтага пакуль недастаткова.
На днях Чэхія ўвяла свой аналаг "акта Магніцкага" і мае намер уводзіць санкцыі безадносна ЕС – спісы разгледзяць у бліжэйшы час. Наперадзе вялікая праца: доказы павінны старанна правярацца – падазраваныя напэўна захочуць падаць у суд. І ўсё ж гэта чарговы важны крок чэхаў насустрач беларусам.
Газета "Le Monde" (Францыя)
Нягледзячы на нечуваныя рэпрэсіі, беларусы працягваюць барацьбу з рэжымам – нават унутры краіны. Павел Латушка канстатуе: у яго кантактах захаваліся каштоўныя крыніцы ў колах ваенных і дыпламатаў, якія папярэджваюць аб падрыхтоўцы магчымага паўторнага наступа Расіі на Украіну з Беларусі.
Тэлеканал TVN (Польшча)
Праваабаронца Алесь Бяляцкі – пасіянарый з вялікай літары, сімвал беларускай дэмакратыі, якая адраджаецца, у закладніках у псіхапата, які паказвае Захаду, што можа катаваць і забіваць любога, калі яму захочацца. Гучны адказ свету на гэта – узнагароджанне Нобелеўскай прэміяй – у знак глыбокай павагі асабістай шматгадовай барацьбе Бяляцкага і ўсіх беларусаў за свабоду краіны і беларускага народу.