Наша мэта – "Люблінская чацвёрка"
Павел Латушка выступіў на канферэнцыі аб транспартнай інфраструктуры Украіна – Польшча, ЕС. Прамова прагучала ў Сенаце Польшчы, куды намеснік кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета быў запрошаны віцэ-маршалкам Сената Міхалам Каміньскім.
Асноўныя тэзісы выступлення:
– Рэлацыраваны ў ЕС беларускі бізнес зацікаўлены садзейнічаць у рэалізацыі сумесных гандлёва-эканамічных праектаў, якія злучаюць ЕС, Польшчу і Украіну. Мы прапануем уключыць у працу польска-ўкраінскай ГПП беларускія фірмы, якія валодаюць вопытам і рэсурсамі. Ім ёсць, што прапанаваць для сумеснага супрацоўніцтва.
– Дэмакратычныя сілы зацікаўленыя ў прыняцці праграм на ўзроўні ЕС аб падрыхтоўцы кадраў для Новай Беларусі, у тым ліку ў сферы рэфармавання, кіравання і развіцця інфраструктуры ў краіне пасля змены ўлады.
– Мы хочам заявіць аб важнасці ўключэння Беларусі ў агульнаеўрапейскую сістэму інфраструктуры пасля заканчэння вайны ва Украіне. Мы не сумняваемся: украінцы змогуць вызваліць свае тэрыторыі, а Беларусь – абавязкова стане вольнай і дэмакратычнай дзяржавай.
Зыходзячы з гэтага, настаў час абмеркаваць рэарганізацыю Люблінскага трохвугольніка (Украіна, Польшча і Літва) шляхам уключэння ў яго склад будучай дэмакратычнай Беларусі: у нас ёсць агульная гісторыя, узаемныя інтарэсы і сумесная будучыня.