Чэхія камунікуе з Аб'яднаным Пераходным Кабінетам Беларусі
Намеснік кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка сустрэўся са Старшынёй Палаты дэпутатаў чэшскага Парламента Маркетай Пякаравай Адамавай і з парламенцкай дэлегацыяй Чэхіі.
Кіраўнік Парламента Чэхіі знаходзіцца з афіцыйным візітам у Польшчы.
Пытанні, узнятыя ў ходзе сустрэчы і вынікі перамоваў:
Чэхія выступае за максімальную падтрымку дэмакратычных сіл Беларусі, якія змагаюцца за аднаўленне законнасці ў краіне, спыненне масавых рэпрэсій.
Маркета Пякарава Адамава праінфармавала, што абедзве палаты Парламента прагаласавалі за прыняцце чэшскага "Акта Магніцкага", які з пачатку 2023 года дасць выканаўчай уладзе Чэхіі магчымасць увядзення нацыянальных санкцый у дачыненні да прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі.
У мэтах прызнання КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі быў перададзены пакет дакументаў з матэрыяламі аб злачынствах тэрарыстычнага характару, учыненых прадстаўнікамі гэтых арганізацый як у дачыненні да беларусаў, так і ў дачыненні да замежных грамадзян (забойствы палітычных апанентаў, актывістаў, гвалт у дачыненні да беларусаў, захоп грамадзянскага самалёта, міграцыйная вайна і іншыя).
Кіраўнік ніжняй палаты Парламента Чэхіі перадасць адпаведны пакет матэрыялаў у Мінюст Чэхіі для вывучэння магчымасці прызнання гэтых арганізацый тэрарыстычнымі ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам Чэшскай Рэспублікі.
Кіраўніку Парламента Чэхіі перададзены зварот беларускай студэнцкай арганізацыі "Беларускія студэнты ў Чэхіі". Чалец парламенцкай дэлегацыі Чэхіі, дэпутат Хаята Ёзэф Акамура выказаў гатоўнасць курыраваць гэтае пытанне і ў індывідуальным парадку аказваць дапамогу рэпрэсаваным беларускім студэнтам.
Маркета Пякарава Адамава праінфармавала, што ў бліжэйшы час у Празе адбудзецца адкрыццё офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі.
Старшыні Палаты дэпутатаў Чэхіі, як дэпутату, абранаму ад Прагі, перададзены зварот аб перайменаванні адной з вуліц Прагі ў вуліцу імя Рамана Бандарэнкі. Асобна чальцы чэшскай дэлегацыі адзначылі важнасць прысваення Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму і выказалі словы павагі Дар'і Лосік, якая стала прыкладам асабістай смеласці і волі змагання за свабоду свайго мужа і беларусаў.
Дасягнута дамоўленасць аб правядзенні ў бліжэйшы час слуханняў у парламенце Чэхіі па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі для выпрацоўкі прапаноў аб нацыянальных інструментах уздзеяння на рэжым.
У гэты ж дзень Павел Латушка правёў анлайн-сустрэчу з Віцэ-Прэм'ерам Чэхіі Іванам Барташам:
– абмеркаваныя магчымасці ўрада у выкарыстанні інструментаў ціску і адказнасці прадстаўнікоў рэжыму як за злачынствы, якія здзяйсняюцца супраць беларусаў, так і за агрэсіўныя дзеянні супраць Украіны;
– абмеркаваныя пытанні прызнання Беларусі акупаванай тэрыторыяй, прызнання КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі, ролі чэшскага старшынства ў ЕС у санкцыйным ціску на рэжым;
– дамовіліся, што тэматыка Беларусі будзе закранутая на бліжэйшай сустрэчы Віцэ-Прэм'ера з Міністрам замежных спраў Янам Ліпаўскім і Міністрам юстыцыі Паўлам Блажаком;
– Іван Барташ выказаў гатоўнасць абмеркаваць з Міністрам замежных спраў Чэхіі прапанову аб увядзенні дадатковых персанальных санкцый у дачыненні да прадстаўнікоў рэжыму як на ўзроўні ЕС, так і ў рамках ухваленага чэшскага "Акта Магніцкага" на нацыянальным узроўні;
– Віцэ-Прэм'ер Чэхіі адзначыў, што Чэхія падзяляе беларускі народ і рэжым і ўсведамляе, што Лукашэнка з'яўляецца марыянеткай Крамля.
– Віцэ-Прэм'еру Чэхіі перададзены зварот аб максімальным задзейнічанні інструментаў універсальнай юрысдыкцыі, распачынанні крымінальных спраў па заявах грамадзян Беларусі, пацярпелых ад актаў гвалту з боку беларускіх "сілавікоў". Перададзена адпаведнае прававое абгрунтаванне ў адрас Міністра юстыцыі Чэхіі.
– абмеркаваныя пытанні падрыхтоўкі сустрэчы ў бліжэйшы час кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Святланы Ціханоўскай з Прэм'ер-Міністрам Чэхіі Пятром Фіялам.