Беларуская культура перажывае рэпрэсіі, якія набліжаюцца да параўнання з 30-мі гадамі 20-га стагоддзя,- Павел Латушка на фестывалі “ТУТАКА”
16 ліпеня кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка выступіў на адкрыцці фестывалю абуджаных "ТУТАКА" на Беласточчыне, які праводзіцца пад патранатам Прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды і Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.
Фестываль "ТУТАКА" – гэта фестываль сучаснай беларускасці і перад усім месца сустрэч і дыскусій, абмену думкамі. Ідэя фестывалю нарадзілася пасля падзеяў 2020 году. Арганізатары ТУТАКА лічаць сябе нашчадкамі фестывалю Маладой Беларусі "Басовішча", які быў створаны беларусамі Беласточчыны ў 90-я 20-га ст.
Падчас выступлення Павел Латушка, адзначыў, што сёння беларуская культура знаходзіцца пад велізарнымі рэпрэсіямі, якіх яна не ведала, пачынаючы яшчэ з 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Каля 80 дзеячаў беларускай культуры з’яўляюцца палітзняволенымі. Некалькі тысяч былі падвергнуты рэпрэсіям: страцілі працу, былі пазбаўленыя магчымасці займацца мастацтвам, вымушаныя змяніць месца жыхарства. Знішчаны многія як дзяржаўныя, так і прыватныя ўстановы і калектывы беларускай культуры.
"Сёння гэта выклік для існавання беларускай культуры. Калі не будзе беларускай культуры, то нельга марыць аб адраджэнні беларускай дзяржавы", - адзначыў у сваім выступленні кіраўнік НАУ і падкрэсліў, што сёння за мяжой мы можам захаваць беларускасць, прыналежнасць да беларускага этнасу, дзякуючы культурным мерапрыемствам, такім як фестываль "ТУТАКА", дзякуючы таму, што дзеячы культуры працягваюць сваю дзейнасць - розныя калектывы, сярод якіх і Вольны хор, Варшаўскі Вольны Аркестр, і шматлікія музыкі, паэты, мастакі. Гэта захаванне дае нам магчымасць пазней хутка рэлакавацца ў Беларусі, як толькі мы даб’емся нашай галоўнай мэты - Новай Незалежнай Беларусі.
З улікам таго, што зараз у грамадстве абмяркоўваецца неабходнасць правядзення ўстаноўчага кангрэсу беларусаў, які можа прыняць важныя стратыгічныя рашэнні для дэмсілаў і для беларускага грамадства, Павел Латушка гаварыў і аб важнасці таго, каб і грамадзяне Беларусі, якія пражываюць на Беласточчыне, вылучылі сваіх кандыдатаў і прынялі актыўны ўдзел у фарміраванні парадку дня кангрэсу. Кіраўнік НАУ выказаў надзею, што тыя, ад каго залежыць фарміраванне парадку дня і забеспячэнне дэмакратычных працэдур вылучэння і абрання кандыдатаў, забяспечаць такую магчымасць, і грамадзяне Беларусі, якіх мінімум 10000 пражывае толькі на Беласточчыне, змогуць вылучыць сваіх кандыдатаў дэмакратычным шляхам і акрэсліць свае стратэгічныя рашэнні, якія дазволяць нам змяніць сітуацыю ў Беларусі.
Завяршаючы выступленне, Павел Латушка выказаў словы салідарнасці з украінскім народам і падкрэсліў, што перамога Украіны - гэта будучая перамога і беларускай дэмакратыі. Захаванне незалежнасці Украіны - гэта шлях да адраджэння незалежнасці Беларусі.