10 000 грамадзян Беларусі абралі месцам жыхарства Беласточчыну
У рамках рабочай паездкі Паўла Латушкі ў Падляскае ваяводства адбыліся сустрэчы с ваяводам Падляскім Богданам Пашкоўскім, віцэ-маршалкам Падляскага ваяводства Себасцьянам Лукашэвічам, Прэзідэнтам Беластока Тадэвушам Трускаляскім і кіраўніком групы па сувязях з Беларуссю Сейму Польшчы Робертам Тышкевічам.
У рамках сустрэч дасягнуты дамоўленасці:
- аб спрыянні стварэнню Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку для патрэб беларускай этнічнай меншасці і беларускай дыяспары ў рэгіёне;
- аб неабходнасці стварэння спрыяльных умоў для навучання беларускай мовы ва ўстановах агульнай адукацыі Беластока;
- аб дадатковай фінансавай і арганізацыйнай падтрымцы навучання беларускай мовы і літаратуры ў школах Падляскага ваяводства;
- аб падтрымцы мясцовымі ўладамі арганізацыі акцый, прысвечаных другой гадавіне пратэстаў у Беларусі.
З 9 ліпеня 2022 г. беларусы, якія пражываюць у Падляскім ваяводстве, могуць падаваць у аддзел замежнікаў Ваяводскай управы хадайніцтвы аб атрыманні часовага віда на жыхарства па гуманітарных прычынах.
Абмеркавана магчымасць назвы адной з вуліц Беластока "Вуліцай Вольнай Беларусі". Асобна адзначана важнасць падтрымкі беларускай этнічнай меншасці, якая пражывае ў Падляскім ваяводстве, сродкаў масавай інфармацыі беларусаў у Польшчы (Радыё Рацыя, тыднёвік беларусаў у Польшчы "Ніва"), правядзення беларускіх мерапрыемстваў у ваяводстве (фестываль Тутака і інш.).
Павел Латушка таксама правёў сустрэчу ў сядзібе Радыё Рацыя з прадстаўнікамі беларускай этнічнай меншасці. У мястэчку Гарадок Падляскага ваяводства прыняў удзел у акцыі, прысвечанай палітзняволеным у Беларусі.
Дасягнута дамоўленасць аб камунікацыі прадстаўнікоў этнічнай меншасці, беларускай дыяспары Падляскага ваяводства з камандай Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і мясцовымі ўладамі для вырашэння праблем беларусаў, якія пражываюць у рэгіёне.
Па дадзеных Ваяводскай управы, каля 10 000 беларусаў пасля жніўня 2020 атрымалі статус часовага знаходжання на тэрыторыі ваяводства.