Сам Васіль Быкаў павітаўся са мной!
Успаміны пра вялікага беларуса
Адзін з першых лістоў, які накіраваў пасля прызначэння міністрам культуры - гэта быў ліст у адміністрацыю Лукашэнкі, яе кіраўніку, на той момант Макею, каб ушанаваць памяць вялікага Беларуса. Адказ быў негатыўны за подпісам Янчэўскага, начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення. Але нельга было спыняцца.
Успамінаю, што адна з апошніх размоў, якая была з дыктатарам перад тым, як мяне скіравалі амбасадарам у Францыю, была размова, даволі працяглая, звязаная зноў з ушанаваннем памяці Васіля Быкава, пра стварэнне музея ў Ждановічах. Не дзякуючы, а насуперак музей быў створаны на дачы Быкава.
Яшчэ ўспамінаецца сёння, калі, ідучы па вуліцы Танка, упершыню ў сваім жыцці пабачыў Быкава. Паглядзеў на яго, я быў студэнтам БДУ, і ён са мной прывітаўся (!), ён сказаў мне: «Добры дзень». Памятаю мае ўражанні: «сам Васіль Быкаў са мной прывітаўся!».
Міністрам неаднойчы наведваў удаву Васіля Быкава, у яго кватэры на Танка, у чырвоным доме, які ў народзе клічуць «Брэсцкая крэпасць». Некалькі разоў мы размаўлялі: як варта і што трэба зрабіць, каб захаваць яго спадчыну. І штосьці нам удалося, больш - не. Так, гэта яшчэ нам наканавана зрабіць.
І самы галоўны падарунак, які ў мяне ёсць на памяць пра Васіля Быкава - гэта яго малюнак. Ён вучыўся ў мастацкім вучылішчы. Малюнак яго рукі, а таксама дзве старонкі рукапісу - гэта самае дарагое, што, можа, засталося ў мяне з таго перыяду жыцця.
Больш успамінаў Паўла Латушкі пра Васіля Быкава можна прачытаць на Facebook: https://bit.ly/3zOtTfb