Мы павінны ажыццявіць мару Станіслава Шушкевіча<a target='_blank' rel='noreferrer nofollow' href='https://i.imgur.com/j5pzoug.jpg'>
У варшаўскім касцёле Святога Аляксандра на плошчы Трох Крыжоў адбылася святая імша за былога старшыню Вярхоўнага Савета і першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча. На цырымоніі развітання прысутнічала вялікая колькасць прадстаўнікоў беларускай дыяспары, а таксама кіраўнік НАУ Павел Латушка. Храм быў перапоўнены беларусамі, якія прыйшлі ўшанаваць памяць выбітнага беларуса.
Імшу правёў ксёндз Вячаслаў Барок, які выказаў вялікую павагу Станіславу Шушкевічу, адзначыўшы яго заслугі для Беларусі і тое, што ён быў вельмі шчырым і добразычлівым чалавекам у жыцці.
"Ёсць асобы ў кожнай дзяржаве, якія ўпісваюць сваё імя ў гісторыю, а ёсць асобы, якія робяць гісторыю. Станіслаў Шушкевіч зрабіў гісторыю, і дзякуючы яму на сусветнай мапе ўзнікла краіна з назвай Рэспубліка Беларусь. Ён заўсёды будзе ўспрымацца намі як першы кіраўнік незалежнай Беларусі. Наш абавязак - рэалізаваць яго мару, каб Беларусь была не толькі на мапе свету, а сапраўды незалежнай і вольнай”,- словы на развітанне са Станіславам Шушкевічам ад Паўла Латушкі.