Святлана Ціханоўская бярэ ўдзел у сусветным эканамічным форуме ў Давосе 16-19 студзеня, дзе прадставіць Аб'яднаны Пераходны Кабінет і дэмсілы Беларусі
Акрамя Святланы Ціханоўскай, удзел у форуме возьмуць лідары 52 дзяржаваў і каля 600 гендырэктараў міжнародных кампаній і карпарацый.
У асноўнай праграме форуму беларуская лідарка выступае двойчы:
– 17 студзеня на тэму «У абарону Еўропы» разам з прэзідэнтамі Польшчы, Літвы, Паўночнай Македоніі і міністрам замежных справаў Іспаніі.
– 19 студзеня на тэму жаночага лідарства з удзелам віцэ-прэм'еркі Канады Крысці Фрыланд і губернатаркі штату Мічыган Грэтчэн Уітмер. Святлана Ціханоўская распавядзе пра ролю жанчын у беларускім пратэсце і грамадзянскай супольнасці.
У межах неасноўнай праграмы форуму 19 студзеня адбудзецца дыскусія на тэму беларускага бізнесу і эканамічнай перспектывы для беларусаў. Гэта, мабыць, упершыню ў гісторыі Давоса – дыскусія, якая цалкам прысвечаная Беларусі. Святлана Ціханоўская падзеліцца бачаннем дэмакратычных сілаў па развіцці і падтрымцы прыватнага сектару Беларусі і будучых эканамічных рэформаў.
Таксама Святлана Ціханоўская правядзе шэраг двухбаковых сустрэчаў, у тым ліку з прэм'ерам Бельгіі, кіраўніцтвам Еўракамісіі, міністрамі замежных справаў Іспаніі і Нідэрландаў, спікерам швейцарскага Парламента, вядомым адвакатам Білам Браўдэрам, прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця і іншых.