«ЗША будуць прынцыповымі ў пытанні абароны незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі»
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Валер Кавалеўскі распавёў аб выніках свайго візіту ў Вашынгтон, падчас якога ён сустрэўся з кіраўніцтвам Міністэрства абароны і Дзярждэпартамента ЗША, са старшынёй Офіса па каардынацыі санкцый Дзярждэпартамента Джымам О’Браянам, цяперашнім і былым дырэктарамі па пытаннях Усходняй Еўропы Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Кейтам Бінам і Трэем Лаянзам, прадстаўнікамі Кангрэса ЗША і аналітычных цэнтраў:
«Пасля праведзеных сустрэч я пераканаўся, што ЗША будуць прынцыповымі ў пытанні абароны незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі: яны працягнуць рознабаковую падтрымку намаганняў беларусаў у барацьбе за дэмакратыю. Больш за тое, Вашынгтон зацікаўлены ў пашырэнні супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі ў галіне бяспекі — гэта будзе адказ на пагрозу незалежнасці Беларусі, якая сыходзіць ад Расіі і дзеянняў Лукашэнкі па падтрымцы яе ваеннай агрэсіі.
Пытанне санкцый застаецца супярэчлівым у кантэксце апошніх дыскусій пра палітвязняў, але на цяперашні момант ЗША маюць намер толькі ўзмацняць санкцыі супраць рэжыму і рабіць іх больш эфектыўнымі. Разам з тым, працягнецца аказанне дапамогі грамадзянскай супольнасці Беларусі.
Важным дасягненнем паездкі стала дамоўленасць аб каардынацыі некаторых дзеянняў на міжнароднай арэне з мэтай абароны інтарэсаў дэмакратычнай Беларусі. І наша палітычнае супрацоўніцтва з ЗША выходзіць на новы ўзровень: не разавых гучных сустрэч, а пастаянных афіцыйных кантактаў, планамернай працы дзеля дэмакратызацыі Беларусі. Для гэтага мы ўжо запланавалі шэраг мерапрыемстваў і сустрэч высокага ўзроўню, у тым ліку з удзелам Святланы Ціханоўскай»
@CabinetBelarus