«Гэты агонь сэрцаў, якія не счарсцвелі за два гады, сагравае мяне, дае надзею і апору, каб змагацца далей»
Прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Вольга Гарбунова павіншавала беларусаў з Новым годам:
«Прывітанне ўсім,
мне вельмі цяжка пісаць гэтае віншаванне, таму што год быў вельмі цяжкі, наперадзе — невядомасць. Але я хацела б сказаць некалькі слоў сваёй сям'і і блізкім, маім суграмадзянам.
Людзі, якія робяць зло ў Беларусі, ведаюць, што мы не здаліся, але яны робяць усё, каб нас запалохаць, каб мы страцілі апошнюю надзею. Аднак і ў Беларусі, і тут, за мяжой, і на маім новым працоўным месцы ў Аб’яднаным Пераходным Кабінеце — паўсюль я сустракаю шмат беларусак і беларусаў, якія не здаюцца, якія смела і адважна працягваюць рабіць усё, каб нашая краіна стала свабоднай, палітвязні выйшлі з турмаў, а мы ўсе маглі вярнуцца дадому. Гэты агонь сэрцаў, якія не счарсцвелі за два гады, сагравае мяне, дае надзею і апору, каб змагацца далей.
Самае галоўнае зараз — гэта захаваць жыццё, усімі магчымымі і даступнымі сродкамі. Калі ласка, падтрымлівайце адзін аднаго, клапаціцеся пра сябе і сваіх блізкіх, не праходзьце міма бяды ў незнаёмага вам чалавека. Салідарнасць — наша сіла, яна дае мне надзею на тое, што мы выберамся з гэтай цемры.
Да сустрэчы ў Новым годзе! І абавязкова дома! Жыве Беларусь!»
@CabinetBelarus