«Яны ўзяліся за нашых дзяцей і хочуць зрабіць з іх такіх жа паслугачоў рэжыму, як яны самі»
Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Аліна Коўшык заклікала бацькоў і настаўнікаў супрацьстаяць мілітарызацыі выхавання і адукацыі ў Беларусі:
«Я лічу гэта сапраўднай навалай, якой мы, бацькі, педагогі, павінны супрацьстаяць. Яны ўзяліся за нашых дзяцей і хочуць зрабіць з іх такіх жа паслугачоў рэжыму, як яны самі. Што мы можам зрабіць ужо зараз? Абмежаваць уплыў такой дзяржаўнай адукацыі на галовы нашых дзяцей. Ні ў якім разе не аддаваць дзяцей у так званыя «патрыятычныя клубы», «летнікі» ці «ліцэі» МУС. Свядома, там, дзе гэта магчыма, прапускаць заняткі з удзелам сілавікоў, прасіць сваіх дзяцей не фатаграфавацца з іх зброяй і ўвогуле з імі не кантактаваць. Бо яны потым абавязкова знойдуць як выкарыстаць непасрэдную рэакцыю нашых дзяцей на іх жалезныя цацкі ў сваёй прапагандзе.
Разам з тым, варта знаходзіць для дзяцей магчымасці добрай адукацыі па-за межамі «МінАду». Расказваць пра нашую сапраўдную гісторыю, разам чытаць добрыя беларускія кнігі, глядзець асветніцкія Youtube-каналы, знаходзіць асяродкі і анлайн-пляцоўкі, дзе б дзеці далучаліся да сапраўднай культуры, набіраліся навуковых ведаў, зараджаліся матывацыяй да вучобы па-за школьнай праграмай. Ужо зараз бацькі і настаўнікі могуць чытаць дайджэст «Асвета», які не толькі расказвае пра рэальны стан адукацыі ў РБ, але і прапануе шматлікія магчымасці для беларускай моладзі.
Важную ролю ў сабатажы цемрашальскіх планаў дзяржавы могуць адыграць і настаўнікі. Бо хто будзе выкладаць на занятках у такіх «ліцэях» і «клубах», калі настаўнікі проста адмовяцца? І гэта не абвязкова рабіць з адкрытай дэманстрацыяй сваёй грамадзянскай пазіцыі»
@Cabinet_Belarus