Святлана Ціханоўская заклікала міністраў замежных справаў Еўрасаюза змякчыць візавыя працэдуры для беларусаў
Зараз Святлана Ціханоўская бярэ ўдзел у сустрэчы міністраў замежных справаў краінаў Еўрасаюза па запрашэнні Вярхоўнага прадстаўніка па замежных адносінах Жазэпа Барэля. Прымалі ўдзел 17 міністраў. Амаль усе ўзялі слова і выказалі падтрымку Беларусі.
У сваім выступе:
– Ціханоўская заклікала змякчыць візавыя працэдуры для беларусаў, узмацніць адукацыйныя і культурныя абмены, падтрымку прыватнага бізнесу, не звязанага з рэжымам.
– Працягнуць падтрымку медыям і грамадзянскай супольнасці.
– Перазапусціць Маскоўскі механізм у АБСЕ ў дачыненні да рэжыма Лукашэнкі.
– Не падтрымліваць адносіны з нелегітымным рэжымам Лукашэнкі, і не весці перамовы за спінамі беларусаў.
– Інстытуцыялізаваць адносіны з дэмакратычнымі сіламі ў Еўрапейскім парламенце, па прыкладзе Рады Еўропы.
– Запрасіць Беларусь у Еўрапейскую палітычную супольнасць (праект ініцыяваны Эмануэлем Макронам), але каб Беларусь прадстаўлялі дэмакратычныя сілы, а не рэжым.
– Падтрымаць беларускіх актывістаў, валанцёраў і добраахвотнікаў ва Украіне
– Працягнуць супрацу з Беларуссю ў межах Усходняга партнёрства.
Ціханоўская заклікала краіны ЕС заступіцца за беларускую незалежнасць: «Мы лічым, што вайну можна скончыць хутчэй, калі расійскія войскі выйдуць і Беларусь пяройдзе да дэмакратыі. Я заклікаю ЕС дзейнічаць рашуча па вырашэнні крызісу ў Беларусі. Зараз самы час падтрымаць намаганні беларусаў па абароне незалежнасці свайго народа», – сказала Ціханоўская ў выступе.