Удава Быкава пракаментавала словы Лукашэнка аб медалях, якія нехта са сваякоў пісьменніка нібыта прадаваў на "рынку".
Падчас адкрытага ўроку Аляксандар Лукашэнка заявіў, што старэйшы сын Віктар прынёс яму ўчора Зорку Героя Сацыялістычнай Працы, ордэн Леніна, знак Народнага пісьменьніка Беларусі, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, якія належаць пісьменніку Васілю Быкаву, і якія "нехта са сваякоў і іншых на рынку прадавалі за 30 даляраў".
Удава народнага пісьменніка Беларусі Ірына Міхайлаўна Быкава была ў вельмі цяжкім псыхалягічным стане пасля выступу Лукашэнкі, піша "Радыё Свабода". Яна толькі пацвердзіла, што архіўныя матэрыялы Быкава прапалі з кватэры. Але блізкая сяброўка Ірыны Міхайлаўны распавяла, што ў кватэру Быкавых некалькі разоў прыходзілі людзі, прадстаўляліся "прадстаўніком архіва" і "дырэктарам літаратурнага музея". Пасля гэтага з кватэры прапалі дакументы і рэчы пісьменніка. Ні ўдава, ні сыны Быкава не маглі аддаць медалі на продаж. "Хутчэй за ўсё, выкралі махляры", сказала сяброўка.
Удаве Быкава Ірыне Міхайлаўне 95 гадоў, яна жыве адна і амаль страціла зрок.