Сайт-навігатар з аўдыёкнігамі па-беларуску
Беларусы Каліфорніі стварылі сайт-навігатар audiobooks.by, на якім можна знайсці аўдыёкнігі, агучаныя па-беларуску. Сайт не месціць самі кнігі, але дае спасылкі на крыніцы, дзе іх можна паслухаць.
Адзін з стваральнікаў сайта — Мікіта Белаглазаў. Ён жыве ў ЗША, працуе ў «Google» ды з'яуляецца аматарам аўдыёкніг. Пра праект Мікіта распавёў выданню «Новы Час»:
«Была такая праблема, што кніга запісаная, але ўсё адно потым знайсці ў інтэрнэце гэтую кнігу складана. Ці, напрыклад, кніга ёсць у некалькіх розных крамах, але як даць на яе спасылку? Каб адзін такі URL быў, на які можна зайсці і паглядзець: ага, кнігу можна знайсці тут, тут і тут, і карыстальнік мог бы сам выбраць, дзе паслухаць», — кажа ён.
Зараз на сайце 370+ аўдыёкніг. «З нашымі новымі рэаліямі — калі папяровую кнігу невядома дзе можна выдаць і невядома як распаўсюдзіць, бо беларусы цяпер у розных краінах свету, — магчыма, электронныя кнігі стануць больш папулярнымі», — дадае Мікіта.