Раздрукуй і дашлі! Гарадзенка стварыла паштоўкі для ліставання з палітвязнямі.
Гарадзенка Рыма Ушкевіч актыўна піша лісты палітвязням і сутыкнулася з праблемай выбару паштовак для ліставання.
«Выбраць добрую паштоўку – справа для мяне няпростая. Або карцінка не тая, або хочацца нешта асаблівае, цёплае і асабістае. І я вырашыла зрабіць паштоўкі самастойна. Усё атрымалася мяккім, далікатным, наіўным, смяшлівым, дзіцячым. Так і было задумана. Гэта вельмі аматарская праца, і не прызначаная ні для чаго, акрамя падтрымкі вязняў рэжыму», – тлумачыць Рыма.
Дзяўчына не займаецца маляваннем прафесійна, але дзеліцца паштоўкамі з усімі, хто сутыкаецца з такой самай праблемаю. «Улічваючы тое, што лісты даходзяць не заўсёды, дадатковы штурм паштоўкамі заўсёды ў тэму», – дадае гарадзенка. Паштоўкі можна спампаваць у добрай якасці праз спасылку на гугл-дыск.
Друкаваць паштоўкі можна на шчыльнай паперы ў фотацэнтры памерам 10*15 см.