Обложка канала

Белорусы и рынок

2674 @belrynok

Канал аналитической газеты для деловых людей "Белорусы и рынок". Новости экономики и общества.

Белорусы и рынок

4 года назад
Открыть в
Сергей БОГДАН, доктор политических наук, член экспертного совета «Минский диалог»: — Цяжка пагадзіцца з меркаваннем пра страту значэння АДКБ — гэтае значэнне заўжды было абмежаваным. Сваю сціплую ролю АДКБ працягвае граць, і яна тычыцца супрацьстаяння з Захадам хіба што вельмі ўскосна. Думаючы ў Беларусі пра АДКБ у часы цяперашняй канфрантацыі, ёсць вялізная спакуса ўгледзець у АДКБ менавіта «анты-АПАД (Арганізацыя Паўночнаатлантычнай дамовы)». Але АДКБ стваралася на ўздыме расійска-заходняга сяброўства, дый нават зараз грае ў супрацьстаянні з Захадам хіба што бутафорскую ролю. Цэнтр цяжару і фокус актыўнасцяў АДКБ заўсёды ляжалі ў Цэнтральнай Азіі, дзе яна дапамагала Маскве захоўваць свае вайскова-палітычныя пазіцыі ў сітуацыі, калі яе спярша эканамічна цяснілі Турэччына ды Кітай і палітычна падкопваўся Іран — на тое спатрэбілася Ташкенцкая дамова ў 1992 годзе. Ну, а калі да гэтых чыннікаў дадалося рэзкае пашырэнне заходняй прысутнасці ў рэгіёне пасля амерыканскага ўварвання ў Афганістан у 2001 годзе і пачатак разбудовы сеткі трубаправодаў з краін рэгіёна, абмінаючы Расію, то арганізацыю аформілі дадаткова. Па-за Цэнтральнай Азіяй АДКБ асаблівых задачаў не мела — ва Усходняй Еўропе і Закаўказзі самотна існавала толькі па адной краіне-ўдзельніцы — Беларусь і Арменія, адпаведна, калі не лічыць самой Расіі. Абедзве вырашалі сур'ёзныя пытанні ў двухбаковых дачыненнях з Масквой, а не праз АДКБ. Нават пасля пагаршэння стасункаў Расіі з Захадам цэнтральнаазіяцкі фокус АДКБ не ссунуўся ў бок Усходняй Еўропы. Але з пачаткам вучэнняў «Захад» у іх склад пачалі ўключаць спецыялізаваныя (і таму невялічкія) вучэнні сіл выведкі краін АДКБ. Да гэтага можна дадаць марныя прапановы беларускага і расійскага бакоў распачаць дыялог паміж АДКБ і АПАД. На гэтым актыўнасцi АДКБ ва ўсходнееўрапейскім кірунку сканчаюцца. Што датычыць будучыні, то варта адцеміць, што Масква зараз спрабуе хоць неяк застасаваць АДКБ на галоўным для яе напрамку — ўсходнееўрапейскім, бо з сярэдзіны 2010-х уся крамлёўская палітыка фармуецца ў оптыцы супрацьстаяння з Захадам ва Усходняй Еўропе. Імаверна, з гэтым была звязаная і спроба адпрацаваць увядзенне калектыўных міратворчых сілаў, скарыстаўшыся як нагодай студзеньскімі падзеямі ў Казахстане, а таксама фактычнае афармленне праўнай базы пад такія аперацыі без расійскага ўдзелу акурат наконадні ўкраінскай вайны. Анягож, увядзенне такіх сілаў ва Украіну магло б замацаваць поспехі пуцінскага бліцкрыгу, развёўшы ўвесну расійскія і ўкраінскія сілы пасля калапсу ўкраінскага ўраду. Але гэтая доля АДКБ абмінула — бліцкрыг скончыўся. Апроч таго, варта чакаць змяненняў і ў Закаўказзі — цяперашняе кіраўніцтва Арменіі ніколі не хавала сваіх даўніх планаў геапалітычна пераарыентаваць краіну на Захад. Сыход гэтай краіны на Захад будзе ісці паралельна з далейшым збліжэннем АДКБ і Азербайджана. Што датычыць Цэнтральнай Азіі, то не варта недаацэньваць прыхаваныя канфлікты паміж Масквой і Пекінам, кітайска-расійскае геапалітычнае спаборніцтва ў рэгіёне звычайна знікала толькі пры аслабленні аднаго з бакоў. Пакуль Масква будзе даваць рады падтрымліваць існаванне АДКБ, яна будзе гэта рабіць, выкарыстоўваючы арганізацыю менавіта як інструмент захавання сувязяў з сярэднеазіяцкімі краінамі насуперак Кітаю. Але толькі адна рэч забяспечыць гэтай арганізацыі лепшую будучыню ды выхад на новы і больш плённы ўзровень, і гэтай рэчы якраз пакуль бракуе. Гаворка пра сапраўдную шматбаковасць, бо нішто так не шкодзіць АДКБ, як празмерны ціск Крамля.