Ганна СЕВЯРЫНЕЦ, настаўніца і пісьменніца:
— Стэрэатыпы, калі выкарыстоўваюцца ў меру, выконваюць ролю пэўных маральных рамак, унутры якіх ты ўжо неяк абжываешся, рухаешся, пераадольваеш іх таксама, руйнуеш, канешне, але каб нешта зруйнаваць, трэба гэта «нешта» мець у наяўнасці. Таму, напэўна, ёсць стэрэатыпы карысныя, а ёсць, канешне, злачынныя.
Мяне як настаўніцу моцна злуюць стэрэатыпы кшталту «дзіця мусіць вучыцца на дзясяткі» альбо «харошае дзіця — паслухмянае».
Як даследчыца беларускай літаратуры я нярвуюся, калі чую што-небудзь накшталт «беларуская літаратура ўся пра вёску і пра вайну», «Быкаў піша пра вайну», «усе беларускія пісьменнікі нарадзіліся ў бедных сем›ях», «беларуская літаратура бедная і неразнастайная». З такімі стэрэатыпамі добра змагацца, бо яны невычарпальныя, але лёгка руйнуюцца.