– Спецыфіка добраахвотнай вайсковай структуры такая, што бывае, да нас прыязджаюць людзі, далёкія ад разумення асаблівасцяў вайсковай службы. Агульнапрыняты ваенны рэгламент яны ўспрымаюць як замах на іх свабоду і асабістасць. Гэта выклікае праблемы субардынацыі, адказнасці і гатоўнасці ўспрымаць пакаранні, рэгламентаваныя згодна са статутам ЗСУ, за здзейсненыя ўчынкі і правіны.
Маем надзею, што яны знойдуць сябе ў іншай сферы дзейнасці на карысць Вольнай Беларусі і Украіны.
Што да гісторый з цацачным пісталетам і надпісам на бронекамізэльцы, то зазначым: яны мелі пад сабой канкрэтныя перадгісторыі.
1) Баец навучальнай роты здзейсніў правіну: па яго віне ўначы адбыўся некантралюемы спуск з аўтамата – так званы «самастрэл». Правіна дурная – пакаранне адпаведнае. На бронекамізэльцы байца на адзін дзень зʼявіўся бяскрыўдны надпіс: «Спытай, чаму я ў бронежылеце».
2) Парушэнне воінскай дысцыпліны, самавольныя выхады ў краму са зброяй. Хочаш быць па форме на «грамадзянцы»? Тады атрымлівай не баявую зброю, а цацачны пісталет.
– Ці сапраўды байцы вымушаныя пералічваць на штабны рахунак 10 % з сваіх заробкаў. На што ідуць гэтыя грошы? Ці існуе сістэма справаздачы за «дзесяціну», і калі так, то хто мае магчымасць яе бачыць?
– Па-першае, гэта не штабны рахунак, а ўнутраны фонд палка, з ініцыятывай стварэння якога выступілі самі добраахвотнікі. Падкрэслім: адлічэнні ў гэты фонд робяцца выключна на добраахвотнай аснове. Менавіта з гэтага фонду ідуць грошы на дапамогу параненым байцам.
Беларускі вайсковец палка імя Кастуся Каліноўскага Аляксей з пазыўным Псіхолаг паказвае пратэз для нагі. Кіеў, Украіна.
Справа ў тым, што выплаты ад ЗСУ могуць паступіць на працягу трох гадоў, а сродкі на лячэнне і рэабілітацыю патрэбны тут і сёння. Усе, хто пераводзіў грошы ва ўнутраны фонд палка, маюць прамы доступ да падрабязнай справаздачы.
– Былыя байцы наракаюць на тое, што метады развязвання праблемаў кіраўніцтвам штабу нагадваюць метады беларускага ГУБАЗіКу – гвалт і пакаяннае відэа пад дулам аўтамата. Згадваюць інцыдэнт у Адэсе. І звязваюць гэта з тым, што штабам кіруюць людзі, блізкія да Сяргея Кароткіх, вядомага як Боцман. Ці мае гэты чалавек уплыў на рашэнні і стыль развязвання праблемаў штабам?
– Часам такія закіды нават не хочацца каментаваць з-за іх беспадстаўнасці і адсутнасці якой-кольвек сувязі з рэчаіснасцю. Але праяснім: у штабе палка няма ніводнага чалавека, які нейкім чынам звязаны з Сяргеем Кароткіх. «Пакаянныя відэа пад дулам аўтамата» – чыстай вады паклёп і фэйк. А аб так званым «адэскім інцыдэнце», сутнасць якога наўмысна была скажоная некаторымі медыямі, вы можаце пагаварыць, напрыклад, з камандзірам Адэскага атраду і яго чальцамі, з якім мы засталіся ў добрых адносінах.
– Большасць жаўнераў палка Каліноўскага не мае вайсковай падрыхтоўкі. Ці вядзецца акрамя вайсковай падрыхтоўкі адпаведная псіхалагічная падрыхтоўчая праца? Калі так, то якая?
– Афіцыйна заяўляем: мы ніколі не накіроўваем на баявыя заданні непадрыхтаваных людзей.
У палку ёсць навучальная рота, праз якую праходзяць усе навабранцы. Заняткі з байцамі праводзяць дасведчаныя інструктары Збройных сілаў Украіны. Штотыдзень на базу прыязджаюць прафесійныя вайсковыя псіхолагі, якія праводзяць заняткі і трэнінгі з байцамі палка. У кожнага добраахвотніка ёсць магчымасць пры патрэбе звярнуцца да псіхатэрапеўта».
– Пракаментуйце, калі ласка, інфармацыю ад былых службоўцаў палка пра тое, што полк Каліноўскага трэнуюць непрафесійныя інструктары.
– Заява больш чым беспадстаўная і несправядлівая. Сярод нашых інструктараў ёсць, напрыклад, інструктар NATO з 30-гадовым досведам, які ўключае і досвед вайны ў Афганістане. Маюцца людзі з вопытам, набытым у Французскім замежным легіёне, і іншыя прафесіяналы найвышэйшага класу. Ёсць шмат прафесійных інструктараў са структуры ГУР Украіны. З часткай іх вы маглі пазнаёміцца на відэа з афіцыйных старонак палка, што яскрава абвяргае падобныя плёткі і інсінуацыі.